Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Для мяне кіно важней жыцця”

У рамках праекта “Для мяне кіно важней жыцця”, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння аднаго з самых арыгінальных беларускіх кінарэжысёраў, Музей гісторыі беларускага кіно – філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – запрашае працягнуць знаёмства з творчасцю Валерыя Рубінчыка, наведаўшы (услед за рэтраспектывай яго фільмаў) аднайменную тэматычную выставу.

Выстава пагружае наведвальнікаў у свет найбольш знакавых фільмаў В. Рубінчыка, які быў таленавітым стылізатарам і заўсёды ўзбагачаў свае карціны выразнымі падрабязнасцямі, звязанымі як са стаўленнем аўтара да сваіх герояў, так і з яго ўяўленнямі пра канкрэтную гістарычную эпоху.

Галоўны акцэнт на выставе, дзе прадстаўлена больш за 200 экспанатаў, зроблены на фільмах гістарычнай тэматыкі – фільме-прыпавесці з дэтэктыўнай фабулай “Дзікае паляванне караля Стаха” па матывах аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча і гістарычнай меладраме “Магіла льва” па матывах беларускіх легенд. Пасродкам арыгінальных кампазіцый з узораў рэквізіту, касцюмаў, эскізаў дэкарацый, рэжысёрскіх распрацовак, кадраў з фільмаў і плакатаў да іх, а таксама спецыяльнага асвятлення аўтары выставы ўзнаўляюць эмацыйную атмасферу экраннага дзеяння, перадаюць закладзеныя ў кінавыяве сэнсы. Не абдзелены на выставе ўвагай і іншыя карціны В. Рубінчыка – кінапаэма “Вянок санетаў”, фантастычная драма “Адступнік”, філасофская камедыя “Культпаход у тэатр”...

Адзін з залогаў мастацкай своеасаблівасці ўсіх гэтых пастановак – удзел у іх стварэнні многіх вядучых майстроў беларускага кінематографа – кінааператараў Таццяны Логінавай, Юрыя Марухіна, Юрыя Елхава, мастакоў-пастаноўшчыкаў Яўгена Ігнацьева, Уладзіміра Дзяменцьева, Аляксандра Чартовіча, Уладзіміра Чарнышова, мастакоў па касцюмах Элы Сямёнавай і Аляўціны Кавецкай, кампазітара Яўгена Глебава, працы якіх таксама прадстаўлены на выставе.

У рэжыме нон-стоп дэманструецца калаж з найбольш выразных фрагментаў фільмаў В. Рубінчыка, а пры жаданні іх можна паглядзець цалкам у кіназале музея.

З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі наведванне выставы арганізавана па індывідуальным прынцыпе, аж да папярэдняга запісу на канкрэтны час.

Месца правядзення: выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (Мінск, вул. Свярдлова, 4)

Час працы ў траўні: аўторак - чацвер з 14.00 да 19.00 (каса да 18.00)

пятніца - нядзеля з 11.00 да 19.00 (каса да 18.30).

Тэлефоны для даведак і заявак: (8 017) 327 10 75, (8 029) 627 10 75

Уваход па квітках: школьнікі і пенсіянеры – 3 руб.; студэнты і астатнія катэгорыі наведвальнікаў – 4 руб.