Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



07.08 – 17.09.2017 «БЕЛАРУСКІ КІНЕМАТОГРАФ 1920-х – 1930-х гг. У КІНАПЛАКАЦЕ»

  • 07.08.2017

Пачатковы перыяд гісторыі беларускага кіно ўнікальны такім важным элементам кінапрацэсу як кінаплакат (першапачаткова – «мастацкая афіша»).
Экспазіцыя выставы складаецца з больш чым 30 поўнафарматных і поўнакаляровых рэпрынтаў кінаплакатаў да беларускіх фільмаў 1926 – 1940 гг. і адлюстроўвае асаблівасці савецкага кінаплаката 1920 – 1930-х гг., яго эвалюцыю ў сувязі з ператварэннем нямога кіно ў гукавое.
Прадстаўлены работы Уладзіміра Стэнберга, Максіма Літвака, Міхаіла Длугача, Ізраіля Бограда, Мікалая Хомова, Дзмітрыя Буланава, Барыса Зяленскага і Міхаіла Векслера – шэрагу вядучых майстроў інтэрнацыянальнай плеяды мастакоў-кінаплакатыстаў, наватарскія падыходы і творчыя дасягненні якіх спрыялі прызнанню савецкага кінаплаката першай паловы ХХ стагоддзя ўнікальнай мастацкай з'явай сусветнага значэння.
Асаблівую ўвагу стваральнікі выставы звяртаюць на ўзоры кінаплакатнага мастацтва на беларускай мове, на кінаплакаты да героіка-прыгодніцкай драмы «Кастусь Каліноўскі» (паводле афіцыйных планаў менавіта яна павінна была стаць фільмам-першынцам беларускага кіно), на тыя кінаплакаты, аўтары якіх акрамя выканання прафесійнай задачы змаглі выказаць асабістае стаўленне да матэрыялу канкрэтнага фільма...
Выстава – вынік 15-гадовай пошукавай працы супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускага кіно, якія паступова ліквідуюць "белыя плямы" мінулага беларускага кінематографа. Калекцыя кінаплакатаў да беларускіх фільмаў 1926 – 1940 гг. прадстаўлена ў такім аб'ёме пасля 75 гадоў забыцця.

Час працы: штодня з 10.30 да 18.30

Кошт квіткоў:     3 руб. – дарослыя
                           2,5 руб. – студэнты
                              2 руб. – школьнікі і пенсіянеры

Тэл. для даведак:  +375 17 327 10 75 / +375 29 627 10 75