Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Музей гісторыі беларускага кіно далучыўся да міжнароднай акцыі #‎MuseumWeek-2015

  • 19.03.2015

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь першым сярод музееў краіны далучыўся да міжнароднай твітэр-акцыі ‪#‎MuseumWeek-2015, якая будзе праходзіць з 23 па 29 сакавіка.

Праект быў ініцыяваны ў 2014 г. менеджэрамі французскіх культурных устаноў і музеяў сумесна з камандай твітэр. У музейным тыдні-2014 прымалі ўдзел 630 музеяў з 20 краін свету. За тыдзень было апублікавана больш за 260 тысяч твітаў, прысвечаных культурным тэмам і арт-падзеям.

У 2015 г. перад арганізатарамі стаіць яшчэ больш амбітная задача: надаць акцыі сусветны статус і сабраць найшырэйшую публіку, дзякуючы забаўляльнаму і інтэрактыўнаму фармату.

Кожны дзень на працягу ўсяго тыдня карыстальнікі сацыяльнай сеткі змогуць даведвацца пра незвычайныя факты з жыцця музеяў і дзяліцца ўласнымі ўражаннямі, выкарыстоўваючы пэўныя хэштэгі. Напрыклад, праз тэг #SecretsMW можна будзе даведацца тое, што насамрэч адбываецца ў залах з таблічкамі “Уваход толькі для супрацоўнікаў”. #ArchitectureMW распавядзе пра гісторыю будынка, дзе размяшчаецца пэўны музей. Інфармацыю пра адмысловыя сямейныя праграмы музеяў з усяго свету будуць суправаджаць тэгам #FamilyMW.

На дадзены момант зарэгіставаны 1401 музей з 50 краін і 670 гарадоў свету.

Беларусь будуць прадстаўляць Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (@histmuseumby) і яго філіяльныя адзінкі – Музей гісторыі беларускага кіно (@cinema_belarus), Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці (@msbg_minsk), Дом-музей І з’езда РСДРП (@DomusMuseum), Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь (@museum_theatre) і Музей прыроды і экалогіі (@pryrodamuseum).