Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Кінаўрокі гісторыі»

  • 03.05.2023
4 мая 2023 г. у Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачне працу выстаўка «Кінаўрокі гісторыі», прымеркаваная да 90-годдзя савецкага кінарэжысёра Віталя Паўлавіча Чацверыкова.
  Віталь Паўлавіч Чацверыкоў нарадзіўся 16 жніўня 1933 г. у  г. Алма-Аце. У 1949-1952 гадах вучыўся ў Саратаўскім ваенна-марскім падрыхтоўчым вучылішчы і Ленінградскім вышэйшым ваенна-марскім вучылішчы імя Ленінскага камсамола. З 1962 года Віталь Паўлавіч працаваў рэжысёрам на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1963 годзе скончыў рэжысёрскі факультэт ВГІК (майстэрня  Козінцава).
Народны артыст Беларусі (1974), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974, за фільм «Руіны страляюць»).
Асаблівае месца ў творчасці майстра заняла тэма мінскага падполля і пасляваеннага аднаўлення Беларусі. Будучы ўважлівым і пільным аўтарам, які пры працы вывучаў новыя дакументы, лісты, гутарыў з удзельнікамі падзей, Віталь Паўлавіч вельмі беражліва адносіўся да фактычнага матэрыялу. Менавіта дзякуючы Чацверыкову ўпершыню ў Рэспубліцы з'явіліся творы, у якіх падрабязна паказана жыццё і барацьба мінскага падполля ў гады суровых выпрабаванняў. Выстаўка "Кінаўрокі гісторыі" прысвечана ў першую чаргу дакументальным раследаванням. Дзякуючы карпатлівай даследчай працы пры стварэнні фільмаў устаноўлены імёны людзей, якія цяпер назаўжды ўпісаны ў гісторыю нашай краіны.
На выстаўцы прадстаўлены дакументы, вытрымкі з успамінаў і нататак рэжысёра, эскізы, афішы, інтэрв'ю. Сабраныя матэрыялы даюць магчымасць прадставіць рух гістарычных падзей праз рэальнае жыццё рэальных людзей - не толькі праз іх барацьбу, але і праз побыт і штодзённасць, убачыць подзвіг і асобных людзей, і калектыўны подзвіг цэлага пакалення.

"Кінаўрокі гісторыі" - гэта выстаўка-даследаванне, выстаўка-знаёмства, якая дапаможа пранікнуць у працэс вытворчасці фільмаў выбітнага рэжысёра.

Музей гісторыі беларускага кіно

 г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

 +37517 397 86 75

 11: 00-19: 00, штодня,

 рэжым працы касы 11: 00-18: 30.

 cinema.histmuseum.by