Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава, прысвечаная 110-годдзю Яўгена Чамадурава

  • 25.01.2024

У Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачала працу выстава, прысвечаная 110-гадоваму юбілею выдатнага тэатральнага мастака Яўгена Рыгоравіча Чамадурава.

Яўген Рыгоравіч Чамадураўнародны мастак БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР, заслужаны дзеяч мастацтваў Таджыкскай ССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Літоўскай ССР, лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені.

Нарадзіўся 28 студзеня 1914 г.у горадзе Шуміха Курганскай вобласці. З дзяцінства адкрыў у сабе прызванне да жывапісу. Пасля заканчэння Кастрамскога прыватнага мастацкага вучылішча таленавіты студэнт працягнуў мастацкую адукацыю, паступіўшы ў 1932 г.у Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры пры Усерасійскай Акадэміі мастацтваў. Яўген Чамадураў быў лепшым вучнем Яўгена Лансерэ і яму прадказвалі будучыню выбітнага гістарычнага жывапісца. Аднак галоўным захапленнем Чамадурава быў тэатр, асабліва опера. Угады вучобы Чамадураў працаваў у Пушкінскім тэатры, дзе ён рэстаўраваў дэкарацыі Аляксандра Галавіна да «Маскараду» Лермантава і аформіў па эскізах Пятрова-Водкіна спектакль «Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ. Пасля паспяховага заканчэння Акадэміі мастацтваў яго запрашалі на працу многія тэатры Ленінграда.

У 1951 г. Яўгена Рыгоравіча запрасілі на пасаду галоўнага мастака ў Маскоўскі тэатр драмы ім. Маякоўскага, а з 1959 г. ён становіцца галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, дзе і прапрацаваў да 1976 г.

Творчасць Яўгена Чамадурава стала эпохай у гісторыі тэатра. Ён з’яўляецца аўтарам сцэнаграфіі і касцюмаў да спектакляў «Арэстэя» С.Танеева, «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева, «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера» Ю.Семянякі, «Ясны світанак» А.Туранкова, «Алеся» Я.Цікоцкага, «Андрэй Касценя» М.Аладава, «Мара», «Альпійская балада» Я.Глебава, «Святло і цені» Г.Вагнера; «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Пікавая дама» і «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Папялушка» С.Пракоф’ева і многіх іншых.

Талент Я.Р.Чамадурава выявіўся і ў якасці акцёра кіно. Ён зняўся ў кінакарцінах рэжысёра М.Калініна «Рудабельская рэспубліка» 1971 г., «Тыя, што ідуць за гарызонт» 1972 г.

Выстава, прысвечаная спадчыне Яўгена Рыгоравіча Чамадурава, знаёміць наведвальнікаў з лепшымі творамі гэтага выдатнага мастака. У аснове выставы збор работ Я.Р. Чамадурава з калекцыі члена Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў А.М.Філатава і прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстава працуе па 31 сакавіка 2024 года.

г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

без выхадных

з 11.00 да 19.00

каса з 11.00 да 18.30

тэл. (017) 397 86 75